ВЕТЭРЫНА́РНАЯ ДАПАМО́ГА,

лячэбная дапамога хворай жывёле. Неадкладную ветэрынарную дапамогу аказваюць у экстранных выпадках, калі жывёле пагражае смерць ад хваробы або траўмаў, яна абавязковая пры поласцевых раненнях, кровацячэннях, тымпаніі, коліках, атручэнні, няправільных родах; уключае тэрапеўтычную і акушэрска-гінекалагічную дапамогу, а таксама хірург. аперацыі. Звычайную і неадкладную ветэрынарную дапамогу аказваюць спецыялісты ветэрынарных лячэбніц амбулаторна, стацыянарна або на месцы — у гаспадарцы, на пашы. Прафілактычнае значэнне мае планавая ветэрынарная дапамога — дыспансерызацыя жывёлы.

т. 4, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)